Вынікі выступу каманды 2007-08 г.н. у Лагойску 05.01.2017

Дастаткова ўдалым выдаўся выезд камандаў футбольнай акадэміі 2007-08 г.н. на Калядны турнір у Лагойск. Турнір у гэтым годзе сабраў 7 камандаў. Супернікамі "акадэмікаў" былі дзьве каманды "Спартак" са Смалявічаў, ДЮСШ Лагойск, ДЮСШ Дзяржынск і барысаўскі БАТЭ.
 
Футбольная акадэмія была прадстаўлена камандамі "Fair Play"-Баварыя і "Fair Play"-Чэлсі. Да 5 тура турніра нашыя каманды рухаліся паралельна.
 
"Fair Play"-Баварыя у першым туры саступіў барысаўскаму БАТЭ з лікам 1:2. Нашыя хлапцы неяк цяжкавата ўцягваліся ў гэтую гульню. Адсутнасць актыўнасці ў дзеяннях нападаючых не дазволіла нам дасягнуць жаданага выніку. Пры цалкам роўнай гульні, вельмі крыўдная параза. Адзіны гол на рахунку Дзмітрыя Кузьміча. Другі тур і гульня супраць "Спартака-1" са Смалявічаў застанецца ў нашай памяці як гульня нерэалізаваных галявых момантаў. Ашмянцы не злазілі з брамы суперніка, бясконца атакавалі, не меньш за 10 мячоў павінны былі апынуцца ў браме суперніка. Але пасля фінальнага свістка лік 1:1. Адзіны гол на рахунку Яраслава Кавецкага. У трэцім і чацвёртым турах былі пераможаны ДЮСШ Лагойск з лікам 5:0 (галы: Аляксей Траццяк - 2, Захар Каржоў, Павел Кардзіс і Максім Мацяйковіч па 1) і "Спартак-2" Смалявічы з лікам 4:0 (галы: Ілля Вайгяніца, Захар Каржоў, Павел Кардзіс і Максім Мацяйковіч па 1). Трэцяя і чацвёртая гульні турніра былі падобныя паміж сабой. "Акадэмікі" валодалі ініцыятывай, шмат атакавалі, што і прывяло ў выніку да ўпэўненых перамогаў. У пятым туры ў складанай барацьбе была пераможана ДЮСШ Дзяржынск з лікам 4:1 (галы: Аляксей Траццяк - 2, Захар Каржоў і Ілля Вайгяніца па 1).
 
"Fair Play"-Чэлсі у першым туры перамаглі "Спартак-2" Смалявічы з лікам 2:0 (галы: Ягор Урбан - 2). Другі тур прынёс паразу з лікам 1:2 ад таго ж барысаўскага БАТЭ, адзіны гол на рахунку Максіма Мешчановіча. Трэці тур супраць "Спартака-1" са Смалявічаў склаўся па падобным з "Fair Play"-Баварыя сцэнары. Шмат атакаў, тэрытарыяльная і гульнявая перавага. Але на табло толькі 0:0. Чацьвёрты тур адзначыўся нашай упэўненай перамогай на ДЮСШ Лагойск з лікам 4:0 (галы: Ягор Урбан - 2, Макар Стэфаноўскі і Дзмітрый Шанько па 1). У пятым туры ў складанай барацьбе ДЮСШ Дзяржынск усё ж такі здабылі нічыю, лік 1:1 (галы: Ягор Урбан - 1). Прыемна здзівіла ўзважаная гульня і якасныя ўзаемадзеянні ў лініях гульцоў "Fair Play"-Чэлсі. Асабліва прыемна было бачыць актыўнасць нашых самых юных футбалістаў Макара Стэфаноўскага і Сцяпана Ігнатовіча. Якія не згубіліся на пляцоўцы і не саступалі ў барацьбе супраць больш старэйшых супернікаў.
 
Перад апошнім шостым турам склалася складанае турнірнае становішча. "Fair Play"-Баварыя мела на рахунку 10 ачкоў, "Fair Play"-Чэлсі - 8 ачкоў, а ДЮСШ Дзяржынск - 10 ачкоў пасля 6 гульняў. Пры перамозе Баварыі альбо нічыйным выніку яны займалі б 2 месца і адсылалі на 4 месца сваіх аднаклубнікаў з Чэлсі. У выпадку перамогі Чэлсі, Баварыя засталася б на 3 месцы, а вось 2 месца тады б дасталася Чэлсі.
 
У складанай гульні паміж аднаклубнікамі з футбольнай акадэміі, перамогу святкавалі баварцы, з лікам 4:0 (галы: Аляксей Траццяк - 2, Захар Каржоў і Павел Кардзіс па 1).
 
Вынік турніра: "Fair Play"-Баварыя - 2 месца, "Fair Play"-Чэлсі - 4 месца.
 
Лепшым гульцом у камандах "акадэмікаў" была прызнаная нашая футбольная зорка Наста Харашаева!
 
Вялікі дзякуй бацькам за шчырую і бязмежную падтрымку!
 
Табліца з вынікамі турніра ў Лагойску 05.01.2017
 
 
ПАГЛЯДЗЕЦЬ БОЛЬШ ФОТАЗДЫМКАЎ