Вынікі таварыскіх гульняў з камандай "Трактар" Мінск (ранейшая назва каманды "МТЗ-РЫПА" Мінск) 13, 17.09.2016

13 і 17 жніўня 2016 г. на стадыёне ФАКа ў Ашмянах, каманда футбольнай акадэміі 1998-2001 г.н. правяла дзьве таварыскія гульні з клубам "Трактар" Мінск (ранейшая назва клуба "МТЗ-РЫПА" Мінск). Вынікі гульняў, як і само напаўненне матчаў, было супярэчлівым. Я бачыў на полі дзьве розныя каманды футбольнай акадэміі "FAIR PLAY" у кожным з матчаў. Першая гульня 13.08 уяўляла сабой сцэну "збіцця немаўляці" (адразу выбачаюся за такі пафас), а другая гульня 17.08 праходзіла ў поўнай адпаведнасці з трэнерскімі патрабаваннямі і пажаданнямі. Але пра ўсё па чарзе. 
 
13.08.2016
На полі гуляла толькі адна каманда, "Трактар" Мінск. Каманды футбольнай акадэміі на полі заўважана не было. Поўны разлад у дзеяннях ва ўсіх лініях. Абаронцы не паспявалі за супернікамі, забываліся своечасова выходзіць да цэнтра поля, кожная перадача даходзіла не да партнёра па камандзе, а да суперніка. Паўбаронцы не стварылі ніводнага моманта для абвастрэння гульні, цалкам адсутнічаў рух наперад і не было зроблена ніводнай перадачы ў зону атакі. Нападаючыя, застаўшыся без "снарадаў", і прытрымліваючыся прынцыпу гульні толькі на "чыстых мячах" так і засталіся гледачамі ў гэтай гульні. Адзіным "жывым" гульцом на полі ў складзе "акадэмікаў" быў наш брамнік Аляксей Бернат, дзякуючы яго выключна самаадданай гульні ў браме, супернікі здолелі пакрыўдзіць нас толькі тройчы. Вынік вельмі сумны, 0:3!
 
17.08.2016
У гэты дзень на полі з боку футбольнай акадэміі гуляла зусім іншая каманда. Яна выглядала менавіта так, як яе будуе і хоча бачыць такой у кожнай гульні трэнер. Гульня па ўсёй шырыні поля, мноства дыяганальных перадачаў, прэсінг па ўсім полі, хуткасць у дзеяннях і прыняцці рашэнняў, бясконцанае бамбаванне карнай і варатарскай пляцовак суперніка. Гэтым разам лінія абароны  паспявала да своечасовага выхаду, таксама абаронцы актыўна ўдзельнічалі ў атакуючых дзеяннях каманды, паўабаронцы адпрацоўвалі як ў абароне так і ў атацы, нападаючыя сваімі актыўнымі дзеяннямі ўвесь час трымалі ў напружанні абаронцаў і брамніка супернікаў. Як вынік амаль бездакорнай гульні, перамога з лікам 5:0! Галы на рахунку: Пузына Сяргей - 3, Цыбульскі Ілля - 1, Тарашкевіч Аляксей - 1. Галявыя перадачы: Габрыяловіч Валянцін - 2, Пузына Сяргей - 1, Грынкевіч Зміцер - 1, Тарашкевіч Аляксей - 1.