Агляд фінала Суперкубка Беларусі 2014 г. ФК "Мінск" - ФК "БАТЭ" 0:1

Прыватная футбольная школа "Нёман" Ашмяны у поўным складзе і пад пільным наглядам бацькоў, у агульнай колькасці 90 чалавек, наведала фінал Суперкубка Беларусі па футболе 2014 г. Упэўнены, што па заканчэнні гэтай гульні як ў дзяцей так і ў бацькоў засталіся толькі станоўчыя ўражанні і эмоцыі. Ніжэй падаю кароткі агляд гульні.
 
Зараз можна з упэўненасцю заявіць, што новы футбольны сезон у Беларусі стартаваў, а пачатак чэмпіянату ўжо не за гарамі. У футбольным манежы на сінтэтычным полі быў разгуляны Суперкубак Беларусі, зусім малады турнір, які мае толькі пяцігадовую гісторыю. Сёння стаў вядомы яго ўладальнік – барысаўскі БАТЭ з мінімальным лікам перайграў сталічны «Мінск».
 
Так атрымалася, што безальтэрнатыўным чэмпіёнам апошніх гадоў з'яўляецца барысаўскі БАТЭ, які ўжо паспеў нашыць другую зорку над эмблемай клуба. Толькі раз жоўта-сінія ў фінале не перайгралі сваго суперніка – «Гомель» забіў двойчы і захаваў сваю браму на замку. Гэта было ў 2012-м, а цяпер на двары 2014-ы год, а ў суперніках у дзейнага чэмпіёна краіны ходзіць «Мінск», які нечакана для ўсіх і самага сябе ў фінале Кубка Беларусі перамог у серыі пенальці мінскае «Дынама».
 
Мала хто застаўся задаволены весткай, што Суперкубак пройдзе ў футбольным манежы, які хіба што прыдатны для футбола, калі на вуліцы экстрэмальныя ўмовы. Звычайна манеж прымае розныя выставы, аднак урадоўцы з БФФ вырашылі, што так будзе лепш. Традыцыі, маўляў, парушаць не варта, хоць і на вуліцы свяціла шчодрае вясновае сонца, а тэрмометр дэманстраваў прыстойныя для сакавіка «+12». Як высветлілася, у БФФ штосьці ведалі. Беларусь у цэлым і Мінск у прыватнасці накрыў грэнландскі цыклон, які прынёс шквалісты вецер і дождж. У такім разе застаецца толькі паапладыраваць здольнасцям прадказваць надвор'е амаль на месяц наперад.

Умяшчальнасць футбольнага манежа – каля 3000 гледачоў, аднак у выходны дзень ён яўна не змог пахваліцца аншлагам. На трыбунах зеўралі пустэчы, і пры жаданні можна было спакойна знайсці вольнае месца. Фанаты БАТЭ пазбывалі футбольную арэну звыклага камернага становішча, а вось фанатаў «Мінска» па нейкай прычыне з трыбун «папрасілі».
 
Мяркую вы пагодзіцеся, судзіць пра перспектывы абодвух клубаў па матчы не на травяным пакрыцці, ды яшчэ і ў рамках напаўтаварыскага матча, не варта, але ўсё ж паспрабуем. Было заўважна, што барысаўчане не збіраюцца выкладваць усе козыры на стол. Па небяспечных момантах ля абодвух брамаў у клубаў парытэт. БАТЭ імкнуўся атакаваць флангамі. Найбольш адметнымі на полі былі Аляксандр Паўлаў і навабранец – сербскі абаронца Філіп Младэнавіч. Ён і стаў героем матча, калі перакінуў няўдала выстаўленую сценку. Мяч уляцеў дакладна ў кут, а брамнік мінчукоў Бушма нават не варухнуўся. «Мінск» імкнуўся адыграць адставанне, замыкаў барысаўчанаў ва ўласнай штрафной, але альбо бракавала дакладнага апошняга пасу, альбо ў браме геройнічаў Герман Маліньш. Барысаўчане цалкам могуць наракаць на судзейства, бо ў абодвух момантах галоўны суддзя стаў на бок «Мінска». Хоць абодва фалы былі калі і не ў межах штрафной, то дакладна на яе лініі.
 
Перамога БАТЭ цалкам заканамерная. Лаўка намінальных гаспадароў даўжэй, дый мастэрства жоўта-сініх, якія ставяць толькі максімальныя мэты ў кожным турніры, вышэйшае. Менавіта гэта і стала вынікам поспеху, хоць і «Мінск» глядзеўся ў цэлым вельмі нядрэнна.