Вынікі турніра па міні-футболе сярод камандаў 2005 г.н. у г. Смаргонь 11-12.02.2017

З сумнымі вынікамі вярнулісь з турніра ў Смаргонях 11-12.02.2017 каманда футбольнай акадэміі 2003-06 г.н. За выключэннем апошняга матча першага гульнявога дня прайгранага з лікам 1:9 ФК ПМЦ-Паставы (адзіны гол на рахунку Максіма Шкелды), ва ўсіх астатніх гульнях турніра каманда прыкладала максімум намаганняў для дасягнення станоўчага выніку. Іншыя гульні з удзелам ашмянцаў скончыліся з наступным лікам: ДЮСШ Валожын 0:4, ДЮСШ маладзечна 1:7 (гол: Максім Шкелда), ФК "Дыямент" Гродна 1:5 (гол: Максім Капша), ДЮСШ Смаргонь-2006 2:6 (галы: Іван Літвіновіч, Максім Шкелда) і ДЮСШ Смаргонь-2005 3:7 (галы: Максім Шкелда-3).
 
Асноўнай праблемай на гэтым турніры была адсутнасць нашага хворага брамніка Антося Карпаленкі. Яго замяняў Архіп Пабядзінскі, які момантамі гуляў вельмі нядрэнна і нават ратаваў каманду, але ў іншых момантах дапускаў недаравальныя памылкі якія прыводзілі да прапушчаных галоў. Магчыма, не зусім упэўненая гульня Архіпа была выклікана тым, што ён быў на 2-3 гады маладзейшы за астатніх гульцоў супернікаў. Пры тым, што ў гульнях са сваімі аднагодкамі Архіп не дапускаў тых памылак, што былі пад час гульняў гэтага турніра.
 
Прапушчаныя галы сталіся вынікам неўважлівых дзеянняў у абароне і не максімальна актыўных дзеянняў у атацы. Пры гульні ў абароне нашыя гульцы гублялі кантроль над супернікамі, што дазваляла тым свабодна дзейнічаць перад самай брамай. Акрамя таго абаронцы давалі супернікам магчымасць пезперашкодна прымаць мяч, апрацоўваць яго і наносіць стрэлы па браме. У атацы момантамі наставаў поўны ступар. Гульцы не маглі своечасова нанесці завяршаючыя стрэлы па браме, альбо задоўга прымалі рашэнне аб далейшых дзеяннях з мячом. Але варта адзначыць і з'яўленне пазітыўных момантаў у камандных узаемадзеяннях і бачанні пляцоўцы. Таксама, калі нашыя гульцы не спяшаліся пазбавіцца мяча, а спакойна ацэньвалі сітуацыю на пляцоўцы, прымалі дакладныя рашэнні, то праглядаліся элементы вельмі неблагой камбінацыйнай гульні.
 
Па выніках турніра магчыма канстатаваць, што наперадзе яшчэ шмат працы. Мы не апускаем рукі і будзем надалей намагацца паляпшаць нашую гульню і прагрэсаваць, падставы для гэтага ёсць.
 
Вялікі дзякуй мамам і татам, якія падтрымлівалі сваіх дзяцей і трэнера на працягу двух гульнявых дзён і паклапаціліся таксама пра дастаўку дзяцей на турнір!