Вынікі выступу каманды 2007-08 г.н. на турніры ў Смаргоні 15.05.2016

15 траўня 2016 г. каманда футбольнай акадэміі 2007-08 г.н. прыняла ўдзел у турніры ў Смаргоні. Супернікамі нашай каманды былі: ДЮСШ Валожын, СДЮШАР Трактар Мінск, ДЮСШ Смаргонь-1 і ДЮСШ Смаргонь-2.
 
Першы матч супраць ДЮСШ Смаргонь-1 склаўся не вельмі ўдала для ашмянцаў. З гульні ў гульню маем клопат з аднолькавай праблемай, павольным уваходжаннем у матч каманды. Пакуль "акадэмікі" прачнуліся, смаргонцы паспелі забіць хуткі гол. Памылка ў абароне, а менавіта пакінуты за спіной абаронцаў супернік, без складанасцяў замкнуў на далёкай бэльцы флангавую перадачу. Шматлікія атакі ашмянцаў і гульнявая перавага на працягу ўсяго матча так і не вылілася ў забітыя галы. Крыўдная параза 0:1.
 
У другім матчы супернікамі футбольнай акадэміі была ДЮСШ Валожын. З першых хвілінаў, зноў такі праз "гульнявую спячку" гульцоў нашай каманды, валожынцы здолелі забіць два хуткія галы. Здавалася шанцаў няма. Пасля пачатку другога тайма валожынцы здолелі забіць і трэці гол. 0:3. І тут здарыўся цуд, нашыя гульцы вырашылі, што перад імі супернік з якім магчыма гуляць на роўных. І тутака пачалося... Спачатку Яраслаў Кавецкі пасля парушэння валожынцаў у сваёй карнай пляцоўцы забівае першы гол з пенальці, 1:3. А потым, наш галеадор-брамнік, Мікіта Лобан абгуляўшы на левым фланзе палову каманды суперніка прабіў і амаль з вострага кута пацэліў у браму! 2:3. Рэшту другога тайма нашая каманда правяла ў атаках і прыціснула супернікаў да іх брамы. Здавалася, яшчэ імгненне і лік будзе зраўняны... Але не пашанцавала... На вялікі жаль... Параза 2:3
 
Трэці матч супраць мінскага Трактара прайшоў пры поўнай гульнявой перавазе "акадэмікаў". Але гэтая перавага з вялікай цяжкасцю матэрыалізавалася ў забітыя галы. Першы мяч на рахунку Аляксея Траццяка, які пасля добрай перадачы яму ў зону і ўпартай барацьбы зрабіў лік 1:0. Потым зноў бясконцыя атакі ашмянцаў, але без забітых мячоў. Пасля, у другім тайме, у выніку невяртання нашых абаронцаў на свае месцы, мінчукі здолелі зраўняць лік, 1:1. Далейшыя падзеі ў матчы падцвердзілі поўную перавагу ашмянцаў над менчукамі, але гэтая перавага так і не прывяла да галоў. Чарговая атака "акадэмікаў", на фінішы другой паловы гульні, пасля прастрэла з правага фланга менчукі зрэлі мяч у сваю браму! Перамога, 2:1!
 
У апошняй, чацвёртай гульні дня вырашалася, хто зойме 3-яе месца на турніры, каманда футбольнай акадэміі Fair Play ці ДЮСШ Смаргонь-2. Зноўку, нашыя футбалісты праспалі пачатак гульні, і зноўку першымі прапусцілі, 0:1. У першым тайме "акадэмікі" не здолелі скарыстацца са створаных момантаў і зраўняць лік. Але пасля перапынка, Аляксей Траццяк пасля паспяховых індывідуальных дзеянняў з мячом і моцнага стрэла пад верхнюю бэльку, здолеў зраўняць лік, 1:1! Далей гульня праходзіла на сустрэчных курсах і кожная з камандаў мела магчымасці забіць пераможны гол. І тутака, пад час флангавай атакі "акадэмікаў" і перадачы ў карную пляцоўку смаргонцаў, адзін з палявых футбалістаў суперніка спыніў палёт мяча рукой у высокім скачку. Відавочны пенальці, але суддзя развёў рукамі і патрактаваў парушэнне вельмі арыгінальна: "Абарона твару рукамі"! Во фантастыка! Магчыма ў Смаргонях свае правілы гульні ў футбол, вядомыя толькі ім! Здалі нэрвы і ў мяне і ў бацькоў нашых маленькіх футбалістаў! Пачаліся разбіральніцтвы, ў якіх трэнер смаргонцаў пераконваў, што гульні рукамі не было, а суддзя настойваў, што гульня рукамі была, толькі з мэтай абароны твару! Пяць хвілін высвятлення адносін скончыліся прыняццем смаргонскім трэнерам і арбітрам нашых довадаў і пенальці быў прызначаны. Аляксей Траццяк толькі і чакаў моманту, каб скарыстацца магчымасцю яшчэ раз пакрыўдзіць брамніка супернікаў. Пасля моцнага стрэлу з кропкі, у брамніка смаргонцаў не было шанцаў, 2:1! Перамога за "акадэмікамі", а з ёй і 3-яе месца на турніры!

ПАГЛЯДЗЕЦЬ БОЛЬШ ФОТАЗДЫМКАЎ