Вынікі выступу каманды 2007-08 г.н. на Рэспубліканскім турніры ў Смаргоні 01-02.04.2016

01-02.04.2016 каманда футбольнай акадэміі 2007-08 г.н. прыняла ўдзел у Рэспубліканскім турніры па футболе ў Смаргоні. Турнір быў прадстаўлены 10-цю камандамі 2007-08 г.н.: ФК Смаргонь-1, ФК Смаргонь-2, ФК БАТЭ Барысаў-1, ФК БАТЭ Барысаў-2, ФК Дынама Мінск-1, ФК Дынама Мінск-2, ФК Арбіта Мінск, ФК Белкард Гродна, ФА Fair-Play.
 
На першым этапе нашай камандзе трэба было згуляць у групе Б, дзе нашымі супернікамі былі каманды ФК Смаргонь-1, ФК БАТЭ Барысаў-2, ФК Дынама Мінск-1, ФК Белкард Гродна.
 
01.04.2016, у першай гульні супраць ФК Смаргонь-1 нашая каманда прадэманстравала вельмі дастойны футбол. Нягледзячы на тое, што нашыя хлопцы не адразу належным чынам увайшлі ў гульню, прапусціўшы ўжо на 3-ай хвіліне матча, яны здолелі выраўняць гульню і мелі магчымасць неаднойчы паразіць браму суперніка. Гульнявая ініцыятыва на працягу матча пераходзіла ад адной каманды да другой. "Акадэмікі" мелі неаднаразовыя шанцы на забіццё гола, аднак здолелі скарыстацца гжэтай магчымасцю толькі ў другім тайме. Траццяк Аляксей ў складаным адзінаборстве з супернікамі здолеў праштурхнуць мяч у браму, 1:1. Гэтая гульня будзе памятацца нашай камандзе як гульня вялікай колькасці нявыкарыстаных момантаў, а таксама "ВЫДЫТНАГА" судзейства мясцовага трэнера, які фіксаваў парушэнні толькі з боку ашмянцаў, каманда смаргонцаў згуляла ў гэтым матчы вельмі далікатна, так і не дачакаўшыся ніводнага свістка ад арбітра, хаця нагодаў для гэтага было шмат, улучна з фаламі і гульнёй рукамі ў сваёй штрафной пляцоўцы.
 
У наступных двух гульнях ашмянцы ўпэўнена перамаглі ФК Дынама Мінск-1 з лікам 5:0 (2 галы на рахунку Дзмітрыя Кузьміча, і па разе адзначыліся Яраслаў Кавецкі, Ілля Вайгяніца і Аляксей Траццяк) і ФК БАТЭ Барысаў-2 9:0 (4 забітыя галы на рахунку Аляксея Траццяка, па 2 галы запісалі ў свой актыў Дзмітрый Кузміч і Яраслаў Кавецкі і адным голам адзначыўся наш брамнік Мікіта Лобан). Нягледзячы на вялікую колькасць забітых мячоў, гульні былі складанымі. Супернікі ў нешматлікіх сваіх вылазках да брамы "акадэмікаў" стваралі небяспеку, і мелі магчымасць забіць гол, але надзейная гульня Мікіты Лобана ім, безумоўна, перашкаджала дасягнуць мэты.
 
02.04.2016, нашу каманду чакала вырашальная гульня ў групе супраць ФК Белкард Гродна і, адпаведна, фінальная стыкавая гульня. Калі б "акадэмікі" святкавалі ў гэтай гульні перамогу, то яны наўпрост праклалі б сабе шлях у фінал турніра, нічыя давала ашмянцам магчымасць згуляць ў матчы за 3-ае месца, а вось параза дазваляла толькі ўдзел у матчы за 3-яе месца. Ведалі пра гэта і нашыя канкурэнты па групе, смаргонцы. Для якіх нашая параза давала магчымасць патрапіць у стыкавую гульню за 3-ае месца. Вядома, пра гэта быў праінфармаваны і суддзя гэтай гульні, які з'ўляўся адным з трэнераў футбольнай школы Смаргоняў. Ён зрабіў ўсё неабходнае, каб ашмянцы да гульні за 3-ае месца не дабраліся. Зноўку, як і ў першай гульні са смаргонцамі, вынік гульні з гродзенцамі быў вырашаны. Зноўку на полі правілы парушала толькі каманда з Ашмянаў, а вось гродзенскі Белкард быў далікатны і так не дачакаўся пакарання за шматлікія парушэнні правілаў, якія выявіліся ў дробных фалах, а таксама ў відавочных парушэннях у сваёй штрафной. З лікам 4:2 перамогу здабылі хлапцы з Гродна. Ашмянцы мелі шмат добрых момантаў, стала атакавалі, але недарэчныя памылкі ў абароне не далі нам магчымасці адгуляцца альбо перамагчы. Два галы ў свой актыў запісаў у гэтым матчы Аляксей Траццяк.
 
У апошнім матчы турніра за 5-ае месца, каманда футбольнай акадэміі ва ўпартай барацьбе зламіла супраціўленне каманды ФК Дынама Мінск-2, перамогшы 1:0. Адзіны мяч на рахунку нашага брамніка Мікіты Лобана, які прыгожым і моцным стрэлам паразаў браму суперніка са штрафнога.
 
Паглядзець вынікі турніра ў Смаргоні 01-02.04.2016
 
 
 
ПАГЛЯДЗЕЦЬ БОЛЬШ ФОТАЗДЫМКАЎ