Футбольная акадэмія “Fair Play” знаёміцца з дзіцячым футболам у Германіі

З 23 па 26 чэрвеня 2016 г., Кушнер Аляксандр, заснавальнік і трэнер футбольнай акадэміі “Fair Play” з Ашмянаў наведаў сталіцу ФРГ, горад Берлін у межах праграмы міжнароднага супрацоўніцтва MOST.
 
MOST (Mobility Scheme for Targeted People-to-People-Contacts / Праграма мабільнасці для мэтаскіраваных межасабовых кантатктаў) — праект Еўрапейскага Саюза (ЕС), накіраваны на пашырэнне кантактаў паміж грамадзянамі ЕС і Беларусі з мэтай абмена вопытам і паляпшэння ўзаемапаразумення.
 
MOST дае магчымасць наведаць ЕС з мэтай ўсталявання і паглыблення прафесійных кантактаў. Праект MOST разлічаны на 1500 удзельнікаў з Беларусі ў перыяд рэалізацыі праекта да снежня 2017 года.
 
Якім чынам футбольная акадэмія “Fair Play” зрабілася ўдзельніцай праграмы MOST
 
Каб паўдзельнічаць у праекце было неабходна прайсці некалькі этапаў адбора. Па-першае, запаўняецца заяўка на сайце праграмы. Яе разглядае адмысловая група аналітыкаў пры Інстытуце імя Гётэ ў Мінску і выносіць сваё рашэнне, ці прэзентуемы вамі напрамак альбо сфера дзейнасці вартыя ўвагі і цікавыя нямецкаму боку. Пасля праходжання першага этапа вас чакае яшчэ адно анкетаванне, на гэты раз ініцыяванае зацікаўленым бокам праграмы MOST у Германіі. Пасля наступае завяршаючы этап, пошук партнёра ў Германіі зацікаўленага ў кантакце з вамі і абмене вопытам. Для маёй футбольнай акадэміі чаканне доўжылася каля 8 месяцаў.
 
Хто быў партнёрам футбольнай акадэміі ў Германіі і з чаго складалася праграма візіта
 
Дзейнасцю маёй футбольнай акадэміі зацікавілась Берлінская футбольная асацыяцыя (БФА), якая і выступіла нашым партнёрам у межах праграмы MOST. Пад час візіту адбыліся сутрэчы з прэзідэнтам БФА Берндам Шульцам, і двума яго намеснікамі Гердам Ліезегангам і Андрэасам Купперам. Таксама адбылася сустрэча са спартыўным дырэктарам 1 FC Union Berlin Германам Андрэевым і кіраўніком прыватнай футбольнай акадэміі Fussball Talentschmiede Berlin Оліверам Мінавым. У завяршэнні праграмы, у перадапошні дзень візіта, я наведаў фестываль дзявоцкага футбола.
 
Як сёння развіваецца футбол у Германіі
 
Што датычыцца працы БФА і Нямецкага футбольнага саюза (НФС), то здзівіла іх адкрытасць і жаданне да дыялога. Усе без выключэння рашэнні прымаюцца гэтымі органамі толькі пасля агульнага абмеркавання і ўзгаднення з усімі зацікаўленымі бакамі. Я маю на ўвазе чальцоў гэтых арганізацый. Каманды другой, трэцяй і ніжэйшых Бундэслігаў пад час галасавання маюць з камандамі першай Бундэслігі прапорцыю галасой 70/30%, гэта зроблена дзеля таго, каб меньш заможныя клубы мелі перавагу перад грандамі нямецкага футбола.
 
Таксама я быў прыемна здзіўлены тым, што пры НФС функцыянуе інстытут футбола, які займаецца тэарытычнымі і практычнымі пытаннямі развіцця футбола. Напрыклад, распрацаваныя спецыялістамі інстытута праграмы падрыхтоўкі, з’яўляюцца абавязковымі да выканання ўсімі клубамі і футбольнымі школамі. Дзякуючы такому падыходу, забяспечваецца пераемнасць і паступовасць падрыхтоўкі маладых футбалістаў у межах цэлай краіны.
 
Дзяржава выдаткоўвае велізарныя грошы на папулярызацыю футбола. Працуюць адмысловыя школы па навучанні і сертыфікаванні трэнераў. У кожным раёне горада ёсць адмысловыя прадстаўнікі НФС якія каардынуюць дзейнасць па падрыхтоўцы дзяцей. Шмат валанцёраў і проста зацікаўленых асобаў, якія без аплаты за іх працу займаюцца з дзецьмі футболам, ахвяруючы на гэта амаль увесь свой вольны час.
 
Толькі ў Берліне налічваецца больш за 3000 футбольных клубаў, больш за 60000 чалавек рэгулярна займаюцца футболам на ўсіх узроўнях, больш за 35000 гульняў праводзіцца на працягу года ў Берліне на спаборніцтвах рознага рангу.
 
Без перабольшвання магчыма канстатаваць, што футбол у Германіі з’яўляецца наймагутнейшай па моцы сацыяльнай з’явай.
 
Чым адрозніваецца дзіцячы футбол у Германіі ад дзіцячага футбола ў Беларусі
 
Падчас свайго візіта ў Берлін, я яшчэ раз атрымаў падцверджанне слушнасці абранага мной шляху развіцця ў пытаннях футбольнай падрыхтоўкі дзяцей. Магчыма бясконца распавядаць пра цікавыя нюансы падрыхтоўкі дзяцей ў Германіі, але няхай гэта застанецца маленькай прафесійнай таямніцай. Безумоўна, шмат новага і актуальнага запазычана мной на наведаных трэніроўках і пры сустрэчах з трэнерамі. Усё гэта будзе выкарыстоўвацца ў футбольнай акадэміі “Fair Play”.  
 
Кажучы пра адрозненні ў дзіцячым футболе, варта звярнуць увагу на галоўнае, у Германіі футбол для дзяцей гэта ў першую чаргу задавальненне, а ў нас муштра. У Германіі вынік спаборніцтваў у дзіцячым футболе не мае значэння, на турнірах не вядзецца падлік набраных ачкой і забітых мячоў, а ўсе дзеці па выніках турніра атрымліваюць аднолькавыя прызы; у нас вынік заўсёды з’яўляецца вызначальным і для дзяцей, і для бацькоў, і для трэнераў. Для мяне, напрыклад, было шокам, што ў Германіі дзяцей упершыню вядуць у трэнажорную залу толькі з 17 гадоў, а ў Беларусі дзеці ўжо з 10 гадоў цягаюць штангі. Да 16 гадоў у Германіі акцэнт на трэніроўках робіцца на гульню 1х1, а ў нас ужо з 7-9 гадоў дзецям захламляюць галаву тактычнымі схемамі ўзроўню прафесійнага футбола. Вось таму нацыянальная зборная Германіі па футболе шматкротны пераможца і прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы, а нацыянальная зборная Беларусі ніколі не выходзіла з адборачных (кваліфікацыйных) групаў да чэмпіянатаў свету і Еўропы.
 
Футбольная акадэмія “Fair Play” ад першага дня свайго існавання паставіла сабе за мэту развіваць дзіцячы футбол з улікам тэндэнцый вядучых футбольных краінаў Еўропы. Упэўнены, што зусім хутка, вынікі пасьпяховай сумеснай працы трэнераў, бацькоў і дзяцей падцвердзяць дакладнасць нашых дзеянняў.
 
 
ПАГЛЯДЗЕЦЬ БОЛЬШ ФОТАЗДЫМКАЎ
 
ПАГЛЯДЗЕЦЬ БОЛЬШ ФОТАЗДЫМКАЎ 1