Вынікі таварыскіх гульняў з PFC Minsk 04.08.2016

Старэйшыя выхаванцы футбольнай акадэміі прынялі ўдзел у двух таварыскіх гульнях супраць камандаў PFC Minsk.
 
Першая гульня склалася няўдала для "акадэмікаў". Сваю адмоўную ролю зграла дастаткова цяжкое пакрыццё футбольнага поля на якім праводзілася гульня. Пакрыццё было вельмі жорсткае, адскок мяча быў зусім непрадказальны. Акрамя таго, памеры поля для гульні складалі прыблізна 70 х 35 м. Спатрэбілася шмат часу на тое, каб нашыя гульцы прыстасаваліся і да памераў поля, і да адскока мяча. Але падкрэслю і той момант, што нашыя гульцы прадэманстравалі зусім бляклы футбол, які ў першую чаргу і паўплываў на паразу з лікам 2:7. Выключна невыразная гульня ў цэнтры поля прывяла да 4 галоў з 7, найбольш памылак прыпала на зону дзеянняў цэнтральнага паўабаронцы і апорнага абаронцы. Яшчэ 3 мячы былі прапушчаны пасля прайграных адзінаборстваў на падборы. Зусім не клеілася гульня крайніх паўабаронцаў, якія не выканалі сваю галоўную ролю, і не забяспечылі дастаўку мячэй ў лінію атакі. Такім чынам, нападаючыя засталіся без падтрымкі, і вымушаны былі выключна з выкарыстаннем індывідуальных дзеянняў стварыць небяспеку ля брамы суперніка. Галы на рахунку Аляксея Тарашкевіча (перадача Аляксея Берната) і Максіма Асінскага (перадача Аляксея Тарашкевіча).
 
Другая гульня склалася больш удала. Каманда здолела наладзіць камбінацыйную гульню, запрацавалі паўабаронцы, вельмі прыбавілі ў актыўнасці нападаючыя, якія з высокай інтэнсіўнасцю пачалі напружваць абарону супернікаў. Актыўна падключаліся да атакуючых дзеянняў і нашыя абаронцы, якія сваімі своечасовымі выпадамі таксама стваралі небяспеку ля брамы суперніка. Сярод негатыўных момантаў матча варта адзначыць вельмі адкрытую гульню ў абароне. Вялікае жаданне забіць паболей прыводзіла да несвоечасовасці вяртання ў абарону, што дазволіла супернікам забіць тры мячы. Гульня завяршылася з лікам 4:3 на карысць ашмянцаў. Галы забілі: Аляксандр Яшэўскі (перадача Максім Асінскі), Максім Асінскі (перадача Валянцін Габрыяловіч), Валянцін Габрыяловіч (перадача Аляксей Тарашкевіч), Аляксей Тарашкевіч (перадача Мікола Квяткевіч).
 
Выказваю шчырую падзяку ўсім хлапцам за самаадданую гульню і імкненне да перамогі!
 
Асаблівая падзяку Паўлу Бернату за фота і відэаздымку, а таксама за падтрымку каманды пад час гульняў!
 
 
ПАГЛЯДЗЕЦЬ БОЛЬШ ФОТАЗДЫМКАЎ