Вынікі выступу ашмянскіх "акадэмікаў" 2005-06 г.н. у Лагойску 27.12.2018

27.12.2018 каманда футбольнай акадэміі з Ашмянаў 2005-06 г.н. прыняла ўдзел у штогадовай серыі спаборніцтваў па міні-футболе, што праводзяцца ў Лагойску ў завяршэнні году.
 
Ашмянцы ў групе спаборнічалі з ФК Гарадзея і ДзЮСШ Плешчаніцы (Лагойск). Для выхаду з групы і працягу спаборніцтваў неабходна было займаць 1-ае альбо 2-ае месца, ці разлічваць на найлепшыя паказчыкі сярод усіх камандаў заняўшых 3-ія месцы.
 
Гульня супраць ФК Гарадзеі выдалася вельмі напружанай і насычанай. Нашыя хлапцы мелі процьму магчымасцяў каб здабыць 3 ачкі, але не выйшла. Гарадзейцы ў сваю чаргу востра контратакавалі, і толькі дзякуючы самаадданай гульні нашага брамніка, супернікі не здолелі забіць. Баявая нічыя 0:0.
 
У матчы супраць ДзЮСШ Плешчаніцы (Лагойск) нашыя хлапцы першымі забілі гол у самым пачатку гульні, і мелі яшчэ мінімум 5 момантаў каб засмуціць суперніка, але не скарысталіся гэтымі магчымасцямі. А вось супернік, свае 2 моманты ўзнікшыя ў самым завяршэнні гульні здолеў выкарыстаць, і даціснуў ашмянцаў. Сумны вынік, у гульні якая павінная была прынесці 3 ачкі, прынесла нам паразу 1:2.
 
Дзякуючы найлепшым паказчыкам сярод камандаў заняўшых 3-ія месцы, каманда футбольнай акадэміі выйшла ў 1/4 фінала турніра дзе падужалася з ДзЮСШ Бярэзіна. Не выкарыстаўшы 7 выхадаў 1х1, а таксама не патрапіўшы тройчы ў пустую браму, ашмянцы пахавалі самі сябе. Крыўдная параза 1:4 у гульні, дзе нашыя хлапцы мелі ўсе шанцы здабыць перамогу.
 
Паглядзець больш фотаздымкаў