Вынікі выступу каманды 2004-06 г.н. на DAUGAVPILS CUP - 2016

Зноў такі са спазненнем, але прапаную вашай увазе інфармацыю па выніках паездкі каманды 2004-06 г.н. на DAUGAVPILS CUP - 2016.
 
Супернікамі "акадэмікаў" у першай гульні была каманда FA REZEKNES. Гульня выдалася вельмі напружанай, шалі перамогі на працягу матча схіляліся то на адзін, то на другі бок. Але ва ўпартай барацьбе каманда футбольнай акадэміі вырвала перамогу з лікам 4:2! Галамі ў нашай камандзе адзначыліся Віталь Трусевіч, Васіль Сідаровіч і двойчы браму супернікаў паразіў Аляксандр Жукоўскі.
 
Наступныя две гульні выдаліся яшчэ больш напружанымі. Супернікамі нашай каманды былі клубы DINAMO RĪGA і „Daugavpils-2”.
 
Гульня супраць DINAMO RĪGA была вельмі складанай. І мы і рыжане мелі магчымасць для ўзяцця брамаў. Шмат барацьбы за мяч на кожным кавалку поля, выключна роўная гульня роўных па сілах супернікаў. Шкада, што нашыя нападаючыя і паўабаронцы меўшы дастатковую колькасць магчымасцяў, так і не пацэлілі ў браму. Гульня ішла да завяршэння, гадзіннік адлічваў апошнія хвіліны, пад час адной з атакаў рыжан секунднае замяшальніцтва ў абарончых шэрагах "акадэмікаў" прывяло да крыўднага гола ў нашу браму. Застаўшыя некалькі хвілінаў да завяршэння гульні нашая каманда правяла на палове поля супернікаў, шмат атакавала, мела магчымасці для ўзяцця брамы але лік так і небыў ураўняны. Крыўдная параза з лікам 0:1!
 
Матч з „Daugavpils-2” быў поўным адлюстраваннем гульні з DINAMO RĪGA. З той толькі розніцай, што ашмянцы першымі прапусцілі. Пры ліку 0:1 нашая каманда прыкладала шмат намаганняў для забіцця гола але нам не шанцавала. На перапынак каманды сыйшлі пры з лічбавай перавагай каманды з Даўгавпілса. Амаль у пачатку другой паловы гульні нашая каманда правяла імклівую атаку і Аляксандр Жукоўскі моцным стрэлам паразіў браму суперніка 1:1. І зноў надзея на магчымасць пераламіць хаду гульні і дамагчыся перамогі. Зноў шматлікія атакі кожнай з камандаў, але безпаспяхова. І зноў, нейкі злы рок які, як высветлілася, зноў з'явіўся пад час гульні... Тры хвіліны да завяршэння матча, зноў блытаніна ў дзеяннях нашай каманды, зноў крыўдны гол пад самае завяршэнне гульні... 1:2. "Акадэмікі" зноўку рынуліся адгульвацца, бясконцыя кутнія, шквал стрэлаў па браме суперніка і зноў безвынікова... Лік так і не змяніўся.
 
Перад апошняй гульнёй з TAURAS KAUŅA, у выпадку перамогі, нашая каманда мела шанцы патрапіць у паўфінал і мець магчымасць згуляць потым ў матчы за 3-яе месца на турніры. Пачатак гульні быў вельмі абнадзейваючы, магутны стрэл ад цэнтра поля ў выкананні Ягора Станкевіча вывеў нашую каманду наперад, 1:0! Першы тайм праходзіў у шматлікіх безвыніковых атаках камандаў, таму да перапынку лік так і не змяніўся. Першая палова другога тайма была падобнай да першай паловы гульні, каманды працягвалі абменьвацца вострымі атакамі але да галоў справа так і не дайшла. А вось у другой паловедругога тайма "футбольны Бог" дакладна быў не на нашым баку. Не зусім упэўненыя дзеянні нашых абаронцаў прывялі да гола, 1:1. А потым, неўзабаве, каўнасцы забілі і другі гол, 1:2. Потым гульня для нашай каманды зрабілася жахам... Гульня ў абароне развалілася цалкам, "акадэмікі" апусцілі рукі і як вынік: 1:3, 1:4, 1:5, 1:6. Крыўдная параза з лікам 1:6, і спадзяванні толькі на магчымасць пазмагацца за 5-ае месца на турніры.
 
Паўфінал вызначыў нам у супернікі каманду „Daugavpils-3”. Гульня была выключна роўнай. Мы стварылі шмат небяспечных момантаў ля брамы суперніка, але так і не здолелі забіць. ВЫнік асноўнага часу гульні завяршыўся з лікам 0:0. У серыі пасляматчавых пенальці мацней аказаліся ашмянскія "акадэмікі", 2:1. Пенальці забілі Ілля Дэрвіс і Аляксандр Місуно, ад Аляксандра Жукоўскага, пад час выканання пенальці, удача адвярнулася. Але дзякуючы ўпэўненай гульні нашага брамніка Вадзіма Буйніцкага мы святкавалі перамогу.
 
У апошняй гульні турніра за 5-ае месца мы зноў спатыкаліся з „Daugavpils-2”. На гэты раз, праз стомленасць нашая каманда не здолела паказаць дастойнага футбола ў другой палове гульні (першая палова завяршылася з лікам 0:0). Хаос у абарончых дзеяннях нашай каманды дазволіў суперніку тройчы пакрыўдзіць нашага брамніка, крыўдная параза 0:3.
 
Па выніках турніра "акадэмікі" занялі 6-ае месца з 10-ці. Выказваю падзяку усім без выключэння гульцам нашай каманды за самаадданую гульню і імкненне да перамогі! Таксама асобная бпадзяка ўсім бацькам, за тое, што на працягу ўсяго турніра былі са сваімі дзецьмі, падтрымлівалі іх і зараджалі пазітывам!
 
Паглядзець вынікі турніра DAUGAVPILS CUP - 2016 (U-10)