Вынікі выступу каманды 2000-03 г.н. на DAUGAVPILS CUP - 2016

Хоць і са спазненнем, але прапаную вашай увазе вынікі выступу каманды 2000-03 г.н. на DAUGAVPILS CUP - 2016.
 
Турнір для нашай каманды пачаўся вельмі ўдала. Спазніўшыся на гульню і не пасьпеўшы толкам разагрэцца перад першым матчам, нашая каманда атрымала перамогу над FA REZEKNES з лікам 3:0! Лік у гульні адкрыў Валянцін Габрыяловіч, моцным стрэлам паразіўшы браму суперніка з 20-ці метраў. Другі гол стаўся вынікам хаоса ў шэрагах абаронцаў каманды суперніка, што прывяло да аўтагола. Трэці гол на рахунку Ягора Зянкевіча, які своечасова апынуўся паблізу брамы суперніка і ўдарам галавой усталяваў канчатковы лік.
 
Пасля ў механізме нашай каманды нешта папсавалася і чатыры запар гульні былі прайграны. ŠFS 0:6, „DAUGAVPILS-2” 0:2, JDFS „ALBERT” 0:4, VIDZEMES FC-1 0:4. Усе прайграныя гульні былі падобныя адна да адной. На полі сапраўды змагаліся і цалкам аддавалі сябе гульні толькі 2 гульцы з 11. Астатнія так і не змаглі вызначыцца, што яны рабілі на футбольным полі пад час гульняў. Поўная апатыя ў дзеяннях, нежаданне змагацца за мяч амаль ва ўсіх гульнявых сітуацыях, спадзяванне на тое, што нехта з партнёраў зробіць за мяне працу на футбольным полі. Вынікам такіх дзеянняў, як вядома, можа быць толькі параза. 
 
Па выніках групавога турніра каманда футбольнай акадэміі заняла 5 месца з 6 ў сваёй групе і патрапіла на літоўскі FK UTENA. І тутака здарыўся цуд! Нашыя хлапцы ўзгадалі, што здольныя вельмі нядрэнна гуляць у футбол! Згуляўшы ў камбінацыйны і атакуючы футбол, FAIR PLAY пакінула толькі пілавінне ад літоўцаў, 4:0! Галы на рахунку Тарашкевіча, Габрыяловіча, Цыбульскага і Зянкевіча.
 
Вынікі турніра ў чарговы раз падцвердзілі, што ўсе праблемы нашай каманды схаваныя ў нетрах псіхалогіі. Будзем прыкладаць намаганні, каб пад час падрыхтоўкі вырашыць складаныя псіхалагічныя праблемы нашай каманды!
 
Паглядзець вынікі турніра DAUGAVPILS CUP - 2016 (U-14)