Вынікі выступу каманды 2004-06 г.н. на турніры ў Ашмянах 29.05.2016

Як паказалі вынікі турніра, што адбыўся ў Ашмянах 29.05.2016, футбольная акадэмія знаходзіцца на дакладным шляху ў пытаннях падрыхтоўкі. Ёсць вядома шмат момантаў над якімі яшчэ трэба працаваць і якія яшчэ трэба ўдасканальваць, але агульная структура прыносіць свае плады. Улічваючы тое, што яшчэ год-два таму, нашая каманда ў гульнях з тымі ж супернікамі мела значна больш клопатаў і не магла іх перамагчы альбо нават звесці гульню да нічэйнага выніку, то зараз сітуацыя пачала змяняцца.
 
Супернікамі ў першай гульні былі футбалісты са Смаргоні. Дастаткова хутка нашая каманда здолела забіць першы гол, 1:0. Адзначыўся Аляксей Пастарнак, які пасля атрымання перадачы ад партнёра ў свабодную зону, здолеў на хуткасці абгуляць супернікаў і пацэліць у браму. Потым ініцыятыва на нейкі час перайшла да суперніка. Але смаргонцы так і не здолелі скарыстацца з узнікшых магчымасцяў. У пачатку другога тайма "акадэмікі" атрымалі шанц на прабіццё кутняга ўдару. Нечакана для супернікаў Аляксей Пастарнак падкруціў мяч у бліжні кут брамы, ні абаронца смаргонцаў, ні брамнік, не чакалі такога разгортвання падзеяў. Мяч праслізнуў у бліжні куі брамы, 2:0!
 
У другой і чацьвёртай гульнях турніра нам супрацьстаялі каманды Спартак-1 і Спартак-2 з в. Калюга Смалявіцкага раёна. Гульні выдаліся складанымі і упартымі. Кожная з камандаў мела на працягу гульняў шанцы на забіццё гола. Часам узнікалі нават кур'ёзныя моманты, калі гульцы з камандаў мелі перад сабой пустую браму, але так і не здолелі яе паразіць. Альбо паспяхова дзейнічалі абаронцы, якія ў апошняе імгненне выцягвалі мяч з самай рысы брамы, альбо мяч упарта не жадаў трапляць у браму.
 
У трэцяй гульні дня нам супрацьстаяла каманда з Лагойска. Ашмянцы на працягу ўсяго матча мелі перавагу над супернікам, але голам адзначылісь толькі аднойчы. Пасля дыяганальнай перадачы, наш наваабранец Лапай Арсеній абгуляўшы на замаху абаронцу і брамніка супернікаў паразіў браму элеганцкім стрэлам, 1:0! Ашмянцы яшчэ неаднойчы мелі шанцы для забіцця гола, але так тымі шанцамі і не скарысталіся.
 
У апошняй, пятай, гульні дня павінен быў вырашыцца пераможца турніра. Каманда футбольнай акадэміі "Fair Play" сыйшлася ў вырашальным матчы з гродзенскім "Белкардам". Перамога кожнай з камандаў адаразу рабіла яе пераможцам турніра, а вось нічыя (пры ўмове перамогі Смаргоняў над Спартаком) выводзіла ў пераможцы турніра ашмянцаў. Гульня выдалася вельмі цяжкай. Шмат адзінаборстваў і змаганняў за мяч, шмат створаных магчымасцяў для ўзяцця брамы - але безвынікова. І тут напэўна з-за перагрэва, суддзя гульні вырашыў (не дачакаўшыся выніка гульні паміж Смаргонню і Спартаком) вызначыць пераможцу турніра ў серыі пенальці. Трэнера і гродзенцаў і ашмянцаў, таксама відаць патрапілі пад уздзеянне сонца, і вызначалі гульцоў для прабіцця пенальці. У серыі пенальці гродзенцы аказаліся мацней, 3:0! І ўжо пасля серыі прабітых пенальці, другі арбітр нагадаў пра апошнюю гульню турніра, у якой і павінна была вызначыцца паслядоўнасць размяшчэння камандаў у турнірнай табліцы. Смаргонь перамагла Спартак з лікам 2:0 і паспрыяла ўздыму "акадэмікаў" на першае месца!
 
Дзякуй усім гульцам футбольнай акадэміі "Fair Play", якія ў гэты дзень прыклалі ўсе сілы для здабыцця перамогі! Дзякуй бацькам, якія на працяга пяці гадзінаў турніра падтрымлівалі сваіх дзяцей і таксама паспрыялі здабыццю перамогі!
 
Паглядзець вынікі турніра ў Ашмянах 29.05.2016

ПАГЛЯДЗЕЦЬ БОЛЬШ ФОТАЗДЫМКАЎ