Вынікі выступу каманды 2007-08 г.н. на турніры ў Ашмянах 05.06.2016

Турнір сярод камандаў 2007-08 г.н. у Ашмянах 05.06.2016 сабраў ажно 10 камандаў.
 
На першым этапе, каманды былі падзеленыя на 2 групы, А і Б, у якіх правялі матчы па сістэме "кожны з кожным". На другім этапе каманды кожнай з групаў сыйшліся ў фінальных матчах, у адпаведнасці з папярэдне занятамі на групавым этапе месцамі.
 
У групе "А" удзельнікамі групавога этапа сталі каманды: Fair Play-1 2005-06 г.н. (удзельнічала па-за турнірам), ДЮСШ ФК Смаргонь, ФШ Спартак-1 Каплюга, ДЮСШ Валожын, ФК Белкард-1 Гродна. У групе "Б" удзельнікамі групавога этапа сталі каманды: Fair Play-2 Ашмяны, ФШ Спартак-2 Каплюга, ДЮСШ Вілейка, ДЮСШ Бараўляны, ФК Белкард-2 Гродна.
 
Вынікі гульняў каманды Fair Play-1 2005-06 г.н. магчыма паглядзець у далучаных табліцах з вынікамі турніра. Я ж засяроджу сваю ўвагу на гульнях каманды Fair Play-2.
 
У першай гульні нашымі супернікамі была каманды з Вілейкі. Ад самага пачатку гульні і да яе завяршэння "акадэмікі" зачынілі суперніка на іх палове поля і бясконца атакавалі браму супернікаў. Незлічоны град стрэлаў па браме не даваў вынікаў, альбо брамнік вілейчанаў гуляў бездакорна, альбо на шляху мяча ўзнікалі бэлькі ці палявыя гульцы суперніка. Першы тайм скончыўся безвынікова, 0:0. У другім тайіме, у адзінай атацы і адзіным выхадзе на чужую палову поля, пасля памылкі нашых абаронцаў каманда з Вілейкі здолела забіць гол, 0:1. І зноў незлічоная колькасць стрэлаў пасыпалася на браму суперніка... але безвынікова. Толькі ў самым завяршэнні гульні пасля парушэння правілаў у карнай пляцоўцы вілейчанаў, Аляксей Траццяк, з пенальці здолеў зраўняць лік, 1:1. Вельмі крыўдная страта 3 ачкоў у матчы, які прайшоў пры поўнай перавазе ашмянцаў!
 
У другой гульні была дасягнута перамога з мінімальным лікам, 1:0 у матчы супраць ФШ Спартак-2 Каплюга. Адзіны гол на рахунку Аляксея Траццяка, які адзначыўся ў другой палове гульні. Матч праходзіў з невялічкай гульнявой перавагай каманды з Ашмянаў, але пры гэтым гульцы каманды суперніка мелі моманты для таго каб паразіць нашую браму, але надзейга дзейнічаў на апошняй мяжы абароны наш брамнік, Мікіта Лобан.
 
Трэці матч супраць ДЮСШ Бараўляны выдаўся дастаткова складаным. Кожная з камандаў мела магчымасці для забіцця гола, але не ашмянцы ні нашыя госці з Бараўлянаў не адзначыліся ў гэтай гульні забітымі мячамі. Упартая барацьба на кожным метры пляцоўкі і добрае ўзаемадзеянне гульцоў абодвух камандаў, не дазволілі выявіць пераможца ў гэтай гульні.
 
У апошнім матчы групавога этапа "акадэмікі" мелі вялівае жаданне ўзяць рэванш у каманды ФК Белкард-2 Гродна, за паразу на турніры ў Смаргонях 01-02.04.2016, які скончыўся перамогай гродзенцаў з лікам 4:2. У гэтым матчы ашмянскія футбалісты адалі ўсе сілы гульні, шмат атакавалі, добра ўзаемадзейнічалі камандна, у групах і індывідуальна, шмат перамяшчаліся па полі, з мінімальнымі памылкамі гулялі ў пас. Але так і не здолелі пакрыўдзіць брамніка супернікаў. Гродзенцы, у сваю чаргу, скарысталіся адной з нешматлікіх створаных імі магчымасцяў і забілі гол. Крыўдная і несправядлівая параза з лікам 0:1.
 
Па выніках групавога этапа каманда футбольнай акадэміі заняла ў групе 2-ое месца. Нашым супернікам у гульні за 3-4-ае месца стала каманда ФК Белкард-1 Гродна.
 
У матчы за 3-4-ае месца "акадэмікі" гулялі вельмі дастойна. Першымі забілі, адзначыўся голам Ягор Кумпіцкі, які добра згуляў індывідуальна, прыгожа абгуляў абаронцу супернікаў і не пакінуў шанцаў брамніку, 1:0! Як не намагаліся ашмянцы забіць яшчэ, у іх гэта не атрымалась. А вось супернікі, скарыстаўшыся адсутнасцю на сваіх пазіцыях нашых абаронцаў, пасля флангавага праходу і прастрэлу не прыкрыты нападаючы супернікаў паразіў нашу браму, 1:1. Лёс трэцяга месца вырашыўся ў серыі пенальці, дзе дакладней былі гродзенцы, 2:1.
 
Выказваю падзяку гульцам каманды футбольнай акадэміі 2007-08 г.н. за самаадданую гульню і жаданне да перамогі! Асобная падзяка бацькам за шчырую падтрымку пад час турніра!

Паглядзець вынікі турніра ў Ашмянах 05.06.2016

ПАГЛЯДЗЕЦЬ БОЛЬШ ФОТАЗДЫМКАЎ