Вынікі таварыскай гульні каманды 1998-02 г.н. з міні-футбольнай камандай Ашмяны 17.11.2016

Познім вечарам 17 лістапад у залі ФАКа нашымі супернікамі была міні-футбольная каманда Ашмянаў. Гэта быў сёмы таварыскі матч, мы вельмі спадзяваліся, што ён нарэшце стане станоўчым у плане выніку, бо дагэтуль было 2 нічыі і адна параза на вялікім полі, і 3 паразы ў залі. Але нажаль, зноўку не атрымалася, параза 11:14.
 
Гульня склалася не вельмі ўдала. Найбольш засмуціла нізкая рэалізацыя амаль 100%-ых момант, якія ўзнікалі каля брамы супернікаў. Адна з чацвёрак "здолела" пад час адной са зменаў не забіць 5!!! гарантаваных галоў. Зноўку праваліліся ў абароне, рэгулярна запускаючы за спіну гульцоў суперніка. Часам здавалася, што прысутнічае нейкая боязь ці неўпэўненасць перад супернікам, што адразу адкладала адбітак на гульню ўсёй каманды.
 
У параўнанні з мінулай гульнёй у Лагойску цалкам папсавалася гульня ў пас, кожная 3-4-ая перадача йшла альбо ў нікуды, альбо суперніку. Большасць атакаў (у параўнанні з той жа гульнёй у Лагойску) захлыналася недзе ў цэнтральнай зоне альбо блізу карнай пляцоўкі супернікаў. Прысутнічаў нейкі сапраўдны ступар у дзеяннях, камбінацыя абавязкова сканчалася тым, што наш гулец які валодаў мячом, бязглузда ўпіраўся ў суперніка і губляў мяч. Пасля адразу разгортвалася контр-атака супернікаў, якая часцей за ўсё сканчалася голам.
 
Зробім высновы з гэтай паразы, прапрацуем памылкі і будзем рухацца далей у нашым супольным развіцці.
 
Галы ў гэтым матчы былі на рахунку наступных гульцоў: Тарашкевіч Аляксей - 2, Цыбульскі Ілля - 2, Валынец Вадзім - 2, Габрыяловіч Валянцін - 1, Грынкевіч Зміцер - 1, Розэ Арцём - 1, Паўлоўскі Уладзімір - 1, Яшэўскі Аляксандр - 1.