Вынікі гульні 17.05.2014 з ФК Зэльва 2001/02 г.н.

17.05.2014 г. гульцы каманды "Нёман" Ашмяны здабылі першую ў сваёй гісторыі перамогу. На стадыёне ФАКа г. Ашмяны была абгуляная каманда з Зэльвы з лікам 2:1. Два галы на рахунку Кірыла Афанасенкава, адзін з якіх быў забіты з пенальці, галявую перадачу зрабіў Валянцін Габрыяловіч. У гэтай гульні хлопцы праявілі сапраўдныя цуды. Камандная гульня была "на вышыні"! Атрымлівалася амаль усё, што было запланавана да гульні. Хуткія праходы па фланзе, упартая барацьба на кожным кавалку поля і згуртаванасць прывялі да станоўчага выніка. Не гледзячы на тое, што "Нёман" першым прапусціў гол, каманда знайшла ў сабе моц пераламіць хаду гульні і атрымаць перамогу!
 
Вельмі хочацца адзначыць акалічнасці, пры якіх праходзіла гульня. Матч з Зэльвай меўся адбыцца ў межах спаборніцтваў на першанство Гродзенскай вобласці сярод хлопцаў 2001 г.н. Рэгламент правядзення спаборніцтваў прадугледжваў гульні на стандартным футбольным полі 11х11. Але гэткія ўмовы правядзення спаборніцтваў супярэчаць сістэме падрыхтоўкі ў футбольнай школе "Нёман", паколькі не спрыяюць частаму кантакту гульца з мячом, а таксама не адпавядаюць узросту і фізічным якасцям маладых футбалістаў.
 
Па папярэдняй дамоўленасці з Гродзенскай абласной федэрацыяй футбола было вырашана, што калі нам атрымаецца дамовіцца з трэнерамі і кіраўніцтвам камандаў, мы можам па-за рэгламентам праводзіць гульні на меншых пляцоўках і з меншай колькасцю гульцоў на полі. З Зэльвай такая дамоўленасць была дасягнута, а вось наступныя супернікі ашмянскага "Нёмана" катэгарычна адмовіліся гуляць у іншых умовах. Адныя гэта абгрунтоўвалі адсутнасцю ўмоваў для правядзення спаборніцтваў (напрыклад у Наваградку брамы толькі вялікія і ПРЫВАРАНЫ ДА ЗЯМЛІ), а напрыклад у Лідзе, дзяцей у 12-13 гадоў ужо разглядаюць як дарослых, і ганяюць тых на вялікае футбольнае поле. Таму каманда з Ашмянаў была вымушана зняцца з такіх "спаборніцтваў", бо мы не ставім сабе за мэту маральны і фізічны гвалт дзяцей, дзеля дасягнення сваіх асабістых мэтаў!