Занальнае першанство Гродзенскай вобласці па міні-футболе сярод юнакоў 2001 г.н. Смаргонь

1 сакавіка 2014 г. каманда прыватнай футбольнай школы “Нёман” Ашмяны прыняла ўдзел у занальным першанстве Гродзенскай вобласці па міні-футболе сярод юнакоў 2001 г.н. Былі згуляныя 3 гульні.
 
У першым матчы нашая каманда саступіла камандзе Астравецкага раёна з лікам 2:8. Першымі лік у гульні адкрылі ашмянцы. Гульня праходзіла з перавагай каманды з Ашмянаў. З 8 прапушчаных нашай камандай галоў, 4 былі створаныя нашымі гульцамі “на пустым месцы”. Галы ў гульні забілі Афанасенкаў Кірыл і Габрыяловіч Валянцін; галявыя перадачы на рахунку Мікіты Сураўца і Валянціна Габрыяловіча.
 
Другая гульня з камандай Іўеўскага раёна праходзіла ва ўпартай барацьбе і скончылася паразай нашай каманды з лікам 4:6. Каманда “Нёман” Ашмяны двойчы вяла ў ліку. 2 з 6 прапушчаных галоў былі “неабавязковымі”. Галы ў гульні забілі Габрыяловіч Валянцін, Багдановіч Ігар і Болзан Аляксандр – 2; галявыя перадачы на рахунку Паўла Баркоўскага, Даніэля Яжэвіча і Міцкевіча Вадзіма – 2.
 
Трэцяя гульня супраць каманды Смаргоняў скончылася буйной паразай нашай каманды з лікам 2:15. Ці то ў двух папярэдніх праведзеных дагэтуль гульнях было згублена шмат моцы, ці зноў боязь перад супернікам загнала нашых гульцоў у стан комы, але першы тайм быў праведзены “стоячы”. Другая палова гульні была больш актыўная, але зноўку непатрэбныя памылкі, як і ў першай палове гульні прывялі да вялікай колькасці прапушчаных мячоў. Галы ў гульні забілі Багдановіч Ігар і Руткоўскі Цімафей; галявыя перадачы на рахунку Багдановіча Ігара і Руткоўскага Цімафея.
 
Па выніках турніра прыемна канстатаваць пазітыўныя зрухі ў гульні – імкненне да камбінацыйнага футбола. Але пры гэтым, застаюцца і “дзіцячыя” памылкі пры валоданні мячом, выкліканыя жаданнем нахутчэйшага вызвалення ад мяча.
 
На мой погляд, мы абралі слушны шлях у трэніровачным працэсе, і нашая задача па падрыхтоўцы хлопцаў да дарослага футбола будзе выканана!
 
Выказваю падзяку бацькам, якія ў чарговы раз дапамаглі з дастаўкай хлопцаў на гульню і асобная падзяка за шчырую падтрымку сваіх дзяцей!